Мы ідзем глядзець паэзію! Выстаўка “ЛІТÄRA. Візуальныя даследаванні паэзіі” адкрыецца ў мінскім Інстытуце імя Гётэ 8 верасня 2010 года ў 19.00 гадзін. Беларускім мастакам былі прапанаваны тэксты сучасных нямецкамоўных паэтаў у арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову. Выбраўшы адзін альбо некалькі тэкстаў, кожны удзельнік праекта паспрабаваў “даследаваць” яго, ужываючы сродкі выяўленчага мастацтва. Знешняя арганізацыя моўных знакаў канстытуіруе паэзію як жанр. Што адбываецца з тэкстам, калі яго візуальны кампанент набывае большую інтэнсіўнасць праз увядзенне ў прастору выяўленчага мастацтва? Як уздзейнічаюць схаваныя ў тэксце вобразы, робячыся бачнымі? Гэтым пытанням, вобразам з паэтычных тэкстаў Ільмы Ракузы, Андрэаса Альтмана, Монікі Рынк і Ульрыкі Зандзіг, а таксама такім феноменам, як чужая мова, дзвюхмоўе, пераклад, прысвечаны інсталяцыі, жывапісныя, графічныя і відэаработы, прадстаўленыя на выстаўцы. З 8-га па 30-га верасня ў актавай зале і ў бібліятэцы Інстытута імя Гётэ па адрасе вул. Веры Харужай 25/3 можна ўбачыць творы Руслана Вашкевіча, Міхаіла Гуліна, Сяргея Ждановіча, Сяргея Кірушчанкі, Аляксея Іванова, Аляксея Лунёва, Зоі Луцэвіч, Мікалая Батвінніка, Аляксандра Некрашэвіча, Вольгі Сазыкінай, Антаніны Слабодчыкавай і Сяргея Шабохіна. Па папярэдніх заяўках экскурсіі праводзіць Ірына Герасімовіч, перакладчыца тэкстаў на беларускую мову і куратарка выстаўкі. Выстаўка “ЛІТÄRA. Візуальныя даследаванні паэзіі” адрасаваная як прафесіяналам у галіне выяўленчага мастацтва, літаратуры і перакладу, так і шырокаму колу гледачоў, якіх цікавяць нечаканыя сэнсавыя кантэксты, што ўзнікаюць на стыку дзвюх культур і двух відаў мастацтва. Дадатковая інфармацыя па тэлефоне: (029) 1334859 Ірына Герасімовіч, 2377119 Інстытут імя Гётэ ў Мінску
Комментарии